21 июня 2022 года отошел ко Господу первый проректор Института теологии БГУ, профессор Минской духовной академии, клирик Минской епархии протоиерей Сергий Гордун. В 1978 г. отец Сергий молился за первой службой митрополита Филарета в Минске. Публикуем воспоминания отца Сергия о знакомстве и первых встречах с Владыкой.
“Упершыню я ўбачыў мітрапаліта Філарэта восенню 1978 года, калі ён быў пераведзены з Берліна ў Мінск у сувязі з тым, што памёр мітрапаліт Ленінградскі Нікадзім (Ротаў) і на яго месца з Мінска ў Ленінград перавялі мітрапаліта Антонія (Мельнікава). У той час я быў студэнтам трэцяга курса інстытута замежных моў (цяпер ён называецца лінгвістычным універсітэтам). Я пастаянна хадзіў на царкоўныя службы ў суботу ўвечары, а ў нядзелю і раніцай, і вечарам, і таму мне пашчасціла быць і на апошняй развітальнай службе мітрапаліта Антонія, і на першай Літургіі, якую служыў у Мінскім кафедральным саборы мітрапаліт Філарэт.
Міжвольна я параўноўваў мітрапаліта Філарэта з мітрапалітам Антоніем, якога я вельмі любіў, асабліва за яго глыбока прадуманыя пропаведзі, якія ён гаварыў роўным чыстым голасам “як па пісаным”: гладка, без запінкі, граматычна і сінтаксічна правільнымі сказамі. Мітрапаліт Антоній здаваўся мне ўжо старым чалавекам. Хоць тады яму было ўсяго 54 гады, але ён быў ужо зусім сівы, меў бледны худы твар. Здароўе, відаць, было няважнае. Ён, дарэчы, і памёр, калі яму было ўсяго 62 гады. А вось мітрапаліт Філарэт ў 1978 годзе выглядаў зусім інакш. Невысокі, але моцнага складу. Доўгія чорныя валасы, густыя чорныя бровы, доўгая і таксама чорная барада. Свежы смуглявы твар.У самым яго выглядзе адчувалася сіла, энергія, упэўненасць. Гэта рабіла добрае ўражанне! Не ведаю, як для каго, а для мяне, як для маладога чалавека, гэта было тады вельмі важна. Нас жа, маладых,у тыя часы і ў школе, і ў інстытуце пераконвалі: рэлігія – гэта перажытак мінулага, яна ўжо аджывае, або, як тады казалі, адмірае… Яшчэ пяць-дзесяць гадоў – і служыць не будзе каму, і хадзіць у царкву ніхто не будзе: усе павыміраюць. І праўда, маладога духавенства тады было мала, і ў храмах моладзі амаль не было. І вось у Мінск прыязджае малады мітрапаліт (усяго 43 гады!), энергічны і поўны сіл. Усім сваім выглядам ён паказваў, што Царква мае будучыню! Яшчэ ўражваў яго голас, выразны і моцны, якім Уладыка цудоўна валодаў і калі гаварыў, і калі спяваў. У голасе, як і ва ўсім выглядзе Ўладыкі, таксама адчувалася ўнутраная сіла яго асобы. Такія былі мае першыя уражанні пра мітрапаліта Філарэта у 1978 годзе.
Пазней яны трошкі змяніліся і, канечне, дапоўніліся. У чым змяніліся? І тады, на першай службе, і пазней на багаслужэннях Уладыка служыў вельмі ўрачыста, нават велічна. І вось гэтая яго ўрачыстая велічная засяроджанасць у час малітвы разам з густымі бровамі рабілі ўражанне суровасці. Мне здалося спачатку, што мітрапаліт Філарэт – чалавек суровы і строгі. Наступныя шматлікія сустрэчы рассеялі гэтае ўражанне. Я пераканаўся, што Уладыка Філарэт – чалавек вельмі добры, сардэчны, спагадлівы, гасцінны, міласцівы і часам бываў вельмі вясёлым, на святочным абедзе або вячэры мог быць душой кампаніі. Так што суровым ён усё-такі не быў, а толькі знешне здаваўся, калі займаўся сур’ёзнымі справамі. Быў добрым, чулым і міласэрным. Я думаю, што перад яго духоўнымі вачыма заўжды быў вобраз яго нябеснага заступніка – праведнага Філарэта Міласцівага, якога ён глыбока шанаваў і браў з яго прыклад.
Студент Московских духовных школ Сергей Гордун с иереем Георгием Вахромеевым (племянник митрополита Филарета (Вахромеева))
Успомню пра яшчэ адну неардынарную сустрэчу з мітрапалітам Філарэтам вясной 1979 года, калі я быў яшчэ на трэцім курсе інстытута замежных моў. Прыехалі ў Мінск італьянскія журналісты з нейкай каталіцкай газеты і папрасілі мітрапаліта дазволіць ім пабыць трохі на царкоўнай службе, а потым даць ім інтэрв’ю. Быў Вялікі пост, нядзеля ўвечары, служылася пасія. Яны пабылі на службе, а потым, яшчэ да заканчэння службы, пайшлі размаўляць з мітрапалітам і раптам кажуць яму: “Мы б хацелі таксама паразмаўляць з Вашымі прыхаджанамі”. На той час гэта было нешта немагчымае… Але мітрапаліт Філарэт сказаў: “Добра, пачакайце”. І паслаў аднаго з дыяканаў, які быў пры ім, каб ён прама са службы прывёў чалавек з дзесяць. І я быў адным з тых, хто пачуў на вуха: “Уладыка Вас запрашае. Пойдзем!” Заходзім ў невялікі пакойчык на хорах кафедральнага сабора. Уладыка кажа журналістам: “Вось нашы прыхаджане. Калі ласка!” Журналісты сталі кожнаму задаваць пытанні. Цікавіліся, у каго якая прафесія, дзе хто і кім працуе. Памятаю, там былі не толькі хатнія гаспадыні, але і работнік тэатра лялек, і інжынер. Калі дайшла чарга да мяне, я сказў, што вучуся на трэцім курсе інстытута замежных моў, сказаў, якія мовы вывучаю, і што збіраюся быць школьным настаўнікам. Мяне спыталі, ці не баюся я хадзіць у храм. Я шчыра адказаў: “Я спадзяюся, што адміністрацыя інстытута пра гэта не ведае”. Памятаю яшчэ такі фрагмент з гэтай гутаркі. Журналісты кажуць мітрапаліту: “У Вас у Беларусі няма царкоўнай газеты”: “Няма”, – пацвярджае мітрапаліт. “Няма царкоўнага радыё, тэлебачання” – працягваюць яны. “Няма”, – згаджаецца мітрапаліт. “І як Вы да гэтага ставіцеся?”, – пытаюць журналісты. “Мы дзякуем Богу за тое, што ў нас ёсць. Ёсць храм Божы, а ў ім служба, пропаведзь Евангелля. І людзі прыходзяць. Моляцца. Слухаюць. Памятаеце еангельскі вобраз: гарыць свяцільнік і асвячае ўсё вакол? Яго не абавязкова браць і падносіць да кожнага. Людзі бачаць гэты свяцільнік – храм Божы – і ідуць да яго самі”. Уладыка даў ясна зразумець, што мы жывем у тых умовах, якія ў нас ёсць, і ў гэтых умовах робім, што можам. Памятаю, што ў канцы размовы Ўладыка шчыра прызнаўся журналістам: “А я і сам не ведаў раней, дзе працуюць мае прыхаджане”…
Памятаю яшчэ адну сустрэчу, калі я быў ужо на пятым курсе інстытута. У суботу ўвечары, памазваючы мяне алеем на службе, Уладыка кажа мне: “Запрашаю Вас сёння на чай”. За чаем мітрапаліт пацікавіўся пра мае планы на будучае. Я сказаў яму, што даўно, яшчэ ў восьмым класе, прыняў рашэнне стаць свяшчэннікам, а ў інстытуце апынуўся толькі таму, што пасля школы дзяржава не дазваляе паступаць ў семінарыю. Цяпер трэба закончыць інстытут і яшчэ два гады папрацаваць. “Дзе?” – пацікавіўся Уладыка. Я прызнаўся, што мяне запрашаюць у Мінску выкладваць лацінскую мову ў БДУ або ў медыцынскім інстытуце, але я маю намер паехаць у вясковую школу выкладваць англійскую мову. “Чаму?” – здзівіўся свяціцель. “Ёсць дзве прычыны, – растлумачыў я. – Першая заключаецца ў тым, што для працы ў Мінску патрэбна прапіска, а яна каштуе 500 рублёў… Але не гэта галоўнае. Галоўная прычына вось у чым. Я баюся, што калі я, вясковы хлопец, буду працаваць у БДУ або ў медыцынскім інстытуце, то мне гэта настолькі спадабаецца, што я не знайду ў сабе сіл кінуць працу і пайсці ў семінарыю. І ўсё жыццё мяне будзе мучыць грэх, што я не адказаў на Божае прызванне. А вясковую школу пакінуць будзе лягчэй, бо там дзеці не вельмі хочуць вывучаць замежную мову. Наконт першай прычыны Ўладыка сказаў: “Ну 500 рублёў, калі трэба, мы наскрабём…” Потым вытрымаў паўзу і дадаў: “А другая прычына сапраўды сур’ёзная… Што ж, няхай будзе так, як ты кажаш. А там Гасподзь пакажа, што рабіць…”
Я асабліва ўдзячны мітрапаліту Філарэту за тое, што ён паспрыяў майму паступленню ў семінарыю. Было гэта ўжо у 1982 годзе. Я жыў у сваім родным сяле і працаваў настаўнікам ў суседнім сяле. Сітуацыя была такая. Мой прыходскі свяшчэннік , які добра ведаў і мяне, і маіх бацькоў, сказаў мне, што не сумняваецца ўва мне як у кандыдаце на свяшчэнства, але не напіша мне рэкамендацыі на паступленне ў семінарыю, бо за гэта савецкія чыноўнікі яму не дазволяць служыць на гэтым прыходзе, і яму з сям’ёй прыйдзецца перабірацца ў іншае месца, найхутчэй, нават у іншую вобласць, а яму гэтага не хацелася б. Калі я пажурыўся пра гэта мітрапаліту Філарэту, ён прамовіў: “Ну што ж, тады я сам напішу. Я цябе таксама добра ведаю”. І не толькі напісаў рэкамендацыю, але і правёў са мною падрабязны інструктаж: “Дакументы ў семінарыю ні ў якім разе не шлі па пошце: яны не дойдуць. Трэба сесці на поезд і асабіста завезці іх у семінарыю. Перад гэтым трэба выпісацца і зняцца з ваеннага ўліку, каб не прыслалі павестку на тэрміновыя вайсковыя зборы. Здаўшы дакументы ў канцылярыю семінарыі, ні ў якім разе не вяртацца дадому, а пажыць у нейкіх знаёмых, таму што будуць шукаць і, калі знойдуць, затрымаюць і не пусцяць на ўступныя экзамены. Толькі пасля паступлення можна вярнуцца дахаты”. Я так і зрабіў. І Ўладыка ведаў, што гаварыў. Мяне сапраўды шукалі. Прыязджалі дадому і стараліся выпытаць у бацькоў, дзе я. Палохалі іх, што пасадзяць мяне ў турму за тое, што я падаў дакументы ў семінарыю. Але бацькі сапраўды не ведалі, дзе я. Я ім сказаў, што паступаю ў семінарыю і што мяне будуць шукаць, таму я буду пакуль што у знаёмых. І за гэты інструктаж я таксама ўдзячны мітрапаліту Філарэту. Інакш былі б дадатковыя цяжкасці. Успамінаючы пра гэта, я не раз думаў, што ён рызыкаваў, асабіста даючы мне такія інструкцыі. Калі тады пра гэта даведаліся б улады, у яго маглі б узнікнуць праблемы…
У сувязі з гэтым успомню яшчэ адну размову з Уладыкам, якая была перад маім паступленнем у семінарыю. Уладыка сказаў мне, што нядаўна ў яго была сустрэча з рэспубліканскім упаўнаважаным па справах рэлігій і ўпэўнаважаны зрабіў яму каплімент, маючы на ўвазе аднаго нядаўна рукапаложанага свяшчэнніка, які быў выпускніком інстытута замежных моў: “Харошыя кадры ў Вас!” А Ўладыка ў адказ яму кажа: “Ну вось, яшчэ аднаго такога рыхтуем!” Упэўнаважаны адразу пытае: “Хто гэта такі?” Мітрапаліт адказвае: “Рана яшчэ гаварыць. Пазней даведаецеся”. Ясна, што было б, калі б мітрапаліт назваў мяне: затрымалі б, не далі б паступіць. Але ж мог так мітрапаліт Філарэт сказаць дзяржаўнаму чыноўніку!
Дадам яшчэ адну дэталь, якая сведчыць, наколькі мітрапаліт Філарэт быў уважлівым і з якім клопатам ён ставіўся да тых, каго рыхтаваў для служэння Царкве. Неўзабаве пасля майго паступлення ў семінарыю мітрапаліт, будучы ў замежнай камандзіроўцы, купіў для мяне Біблію на англійскай мове. У той час гэта было нешта звышнатуральнае! У Савецкім Саюзе нават на рускай мове дастаць Біблію было неверагодна цяжка. Пры месячным заробку настаўніка 100-120 рублёў многія гатовы былі за Біблію заплаціць 300 рублёў! А тут у мяне, выпускніка інстытута замежных моў, з’явілася Біблія на англійскай мове! Будучы ў доме сваіх бацькоў на станцыі Клязьма, Уладыка падпісаў мне яе 31 жніўня 1982 года, а ў дзень прападобнага Сергія Раданежскага захапіў з сабою, едучы на багаслужэнне ў Троіца-Сергіеву Лаўру і асабіста ўручыў. Гэта быў адзін з самых радасных момантаў у маім жыцці, і я не раз з удзячнай памяццю гляджу на яго аўтограф.
Сустрэч з Уладыкам Філарэтам у мяне было многа. Часам я іпадыяканстваваў яму і ў Маскве, і ў Беларусі. Бываў з ім у доме яго бацькоў. Ён часта выклікаў мяне ў Аддзел знешніх царкоўных зносін у якасці перакладчыка. Некалькі разоў браў з сабою ў замежныя паездкі, а потым пасылаў аднаго ў якасці свайго прадстаўніка, пры гэтым (калі трэба было) даваў толькі тэму выступлення, але ніколі не кантраляваў змест. Аднойчы была такая гісторыя. Я павінен быў выступаць замест мітрапаліта Філарэта перад шматтысячнай аўдыторыяй у італьянскім гарадку Рыміні. Гаспадары сустрэчы напярэдадні выступлення папрасілі ў мяне напісаны мною тэкст. Ім не ўсё спадабалася, і яны папрасілі мяне нешта апусціць. Я не згаджаўся. Тады яны сталі мяне пераконваць, што мітрапаліт Філарэт гэтага не адобрыў бы. Запрасілі мяне ў кабінет і папрасілі ў іх прысутнасці (а там быў перакладчык) набраць мітрапаліта. Я стаў званіць па ўсіх тэлефонах (мабільнікаў тады не было) і застаў Уладыку ў Маскве ў доме яго сястры Вольгі Варфаламееўны. Уключылі галосную сувязь. Я ў прысутнасці гаспадароў зачытаў мітрапаліту тыя абзацы, якія меня папрасілі выкрэсліць і сказаў, што гатовы гэта зрабіць толькі па яго ўказанню. Мітрапаліт выслухаў і сказаў: “Гавары тое, што лічыш патрэбным. Я не сумняваюся ў тваёй кампетэнтнасці. А ім ад мяне перадай палымянае прывітанне”. І я сказаў, што хацеў…Былі авацыі…Думаю, што сам Уладыка гэтага не сказаў бы. Але мне дазволіў сказаць.
І на завяршэнне ўспомню яшчэ адзін выпадак, які мае непасрэдную сувязь з маёй самай першай сустрэчай з мітрапалітам Філарэтам. Было гэта ў 2008 годзе. Тады мы адзначалі 30-годдзе служэння мітрапаліта Філарэта на беларускай зямлі. Аднойчы ў Жыровічах Уладыка вячэраў разам з намеснікам манастыра і некаторымі выкладчыкамі семінарыі, сярод якіх быў і я. Зайшла гаворка пра 30-годдзе служэння Ўладыкі ў Беларусі. Мне хацелася зрабіць мітрапаліту прыемны сюрпрыз, і я сказаў: “А ведаеце, Уладыка, я быў на самай першай Вашай Літургіі ў Мінску”… Я гатовы быў ужо расказваць, як гэта было, але мітрапаліт нечакана пытае мяне: “А хочаш, я табе скажу, дзе ты стаяў?” Я вельмі здзівіўся і кажу: “Уладыка, няўжо Вы памятаеце?” І мітрапаліт упэўнена сказаў: “Ты стаяў справа каля другой калоны”. Вось такая ў яго была памяць! На жаль, ў апошнія гады жыцця яе зусім не стала…
Митрополит Филарет вручает орден святителя Кирилла Туровского протоиерею Сергию Гордуну
Уладыка Філарэт вельмі любіў духоўныя школы і цаніў іх значэнне ў сваім асабістым жыцці. Са мною ён не раз дзяліўся ўспамінамі пра сваіх выкладчыкаў, гаварыў пра іх з любоўю і пашанай. Дзякуючы яго намаганням аднавіла сваю дзейнасць ў 1989 г. духоўная семінарыя ў Жыровічах. Першая ў Савецкім Саюзе! Дзякуючы яго старанням узнікла ў Мінску ўнікальная з’ява – факультэт тэалогіі ў складзе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ( Цяпер Інстытут тэалогіі ў складзе БДУ). І ён не толькі адкрыў іх, не толькі падбіраў кадры, але і сам знаходзіў час на выкладанне! Ён рэальна ведаў не толькі выкладчыкаў, але і студэнтаў. Гэтаму можна толькі здзіўляцца!
Многаму ў мітрапаліта Філарэта можна павучыцца: і чуласці, і дабрыні, і шчодрасці, і міласэрнасці… Але я бы асабліва падкрэсліў яго адданасць служэнню. У яго ніколі не было ні адпускоў, ні выхадных. Мяне спачатку гэта здзіўляла, а потым я зразумеў, што так і трэба, калі гэта сапраўды служэнне. Ён сам так жыў і радаваўся, калі бачыў гэта ў іншых. Калі ён бачыў, што свяшчэннік актыўна працуе і вельмі заняты сваім служэннем, то бывала, з гумарам пытаў яго матушку: “Ну ты хоць зрэдку бачыш яго дома?”
Благодарим редакцию журнала “Ступени” за предоставленный материал.
Фото из семейного архива и архива редакции MF-memory.by
“Поминайте наставников ваших, которые проповедовали вам слово Божие, и, взирая на кончину их жизни, подражайте вере их” Евр.13:7