Упершыню я ўбачыўся з Уладыкай у красавіку 1991 года. У той час я быў прыхажанінам шчучынскай Міхайлаўскай царквы, працаваў завучам у сярэдняй школе. І калі айцец Петр, настаяцель, прапанаваў мне стаць святаром, я згадзіўся. Для гэтага патрэбна было сустрэцца з Уладыкай Мітрапалітам. Ён тады якраз праводзіў сход з бацюшкамі тагачаснага вялікага Гродзенскага благачыння.
Вядома, я хваляваўся. Але Уладыка Філарэт падышоў да нашай размовы па-бацькоўску. Ужо пазней я прааналізаваў: які ў чалавека вялікі жыццевы вопыт, як ён думае не толькі пра Царкву, але і пра тое, што адбываецца ў грамадстве! Калі я назваў мэту свайго звяртання, Уладыка спытаў мяне, кім я працую і ці будзе магчымасць замяніць мяне на работе. Хто з людзей аб гэтым думае? Усе стараюцца рашыць свае пытанні. Тым больш, што ў 1991 годзе святароў на зноў адчыненых прыходах не хапала.
Я сказаў, што праблем не будзе: школа вялікая, кадраў хапае. Тады Уладыка сказаў: «Вось заканчвай вучэбны год, даводзь да канца ўсе свае справы і тады прыязжай».
Наступная наша сустрэча адбылася ў Экзархаце ў ліпені таго ж года. Уладыка зноў мяне выслухаў і адказаў як практык: «Многія прымаюць сан святара дзеля паляпшэння матэрыяльнага становішча. Дык ведайце, што на свецкай рабоце можна шмат больш мець, чым вы будеце мець у Царкве». Я адказаў яму, што гэта мяне не хвалюе. Тады Уладыка спытаў мяне, дзе я хачу служыць. Мы жылі ля Шчучына, у вёсцы Новы двор. Побач з ею было дзве царквы без святароў, і я назваў іх.
Айцец Петр узяў мяне спачатку настаўнікам нядзельнай школы. А ў лютым 1992 года мяне рукапалажылі ў сан дыякана, а затым і ў свяшчэнніка. Я добра памятаю сваю хіратонію. Як тры разы абыйшоў вакол прастола, як стаў на калені перад Уладыкай. Ен усклаў на мяне рукі, а я устаць пасля гэтага не магу! Мяне падымалі… Я гэта ніколі не забуду. Лішніх слоў не было. Але тое, што ад яго ішло, мяне працінала і натхняла.
Уладыка памятаў пра прыходы, якія я яму ўзгадаў. Але пайшоў насустрач людзям, якія слалі яму лісты з просьбамі прыслаць бацюшку на іх прыходы. Ён умеў выслухаць і святара, і простага чалавека і адгукнуцца на іх праблемы, на іх справы. Людзі заўсёды знаходзілі ў яго падтрымку. І мяне накіравалі да людзей, якія звярнуліся да Уладыкі – я абслужваў тры царквы.
Потым я вучыўся на завочным аддзяленні семінарыі і частей стаў сустракацца з Уладыкай. Памятаю, як ён вучыў нас адносіцца да Божай справы, да людзей. Ён вучыў нас быць слугамі Божымі, как бы не паказвалі сваіх прынцыпаў, а ведалі, што мы творым справу Госпада. Царквой кіруе Бог, і будзе так, як Ен палічыць патрэбным. Слоў было нямнога, і я памятаю іх, як памятаю і яго дабрыню. Нездарма яго манаскае імя Філарэт пераводзіцца як аматар дабрадзейнасці.
Памятаю, што Уладыка гаварыў і аб нашым знешнім выглядзе. Казаў, што ў некаторых валасы і бароды доўгія, але неахайныя, а трэба быць акуратнымі. Не ўся вера ў барадзе і хвасце. Гаварыў часам цвёрда, каб даходзіла.
Уладыке мітрапаліту часта даводзілася выступаць перад людзьмі высокага рангу, на свецкіх мерапрыемствах. Адзін вядомы чалавек сказаў: «Тое, аб чым гаворыць мітрапаліт, супадае і з маімі поглядамі на тое, што адбываецца ў краіне». Яго паважалі і за мяжой.
Помню, былі мы з паломнікамі ў Толгскім манастыры ў Яраслаўлі. У нас запыталі, адкуль мы. Мы паведамілі, што з Беларусі і ў адказ пачулі: «Які ў вас мітрапаліт! Які ён малітоўнік!» І там яго ведалі і хвалілі.
Можа, дзякуючы дыпламатыі мітрапаліта Філарэта ў нашай краіне няма канфліктаў на межканфесіянальнай глебе. Памятаю, як у кастрычніку 1991 года Уладыка служыў у Шчучыне. І ў гэты дзень да католікаў прыехаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У праваслаўных мітрапаліт служыць, а у католікаў – іх біскуп. А потым яны сустрэліся. Гэта было святам для Шчучына.
Уладыка рукапалагаў і мяне, і майго старэйшага сына. Памяць аб ім застанецца і ў нас, і ва ўсіх беларусаў на доўгія гады. Як сказаў адзін чалавек: «Аб ім будуць пісаць кнігі», бо гэты чалавек пакінуў вялікі след у нашай краіне. Уладыка Філарэт быў прадстаяцелем Царквы жывой, ваяўнічай, а цяпер ен будзе малітвеннікам і хадатаем за нас, беларусаў, каб у нас была згода, каб мы сапраўды былі дзецьмі Божымі.
Протоиерей Михаил Велисейчик
Официальный портал Белорусской Православной Церкви
“Поминайте наставников ваших, которые проповедовали вам слово Божие, и, взирая на кончину их жизни, подражайте вере их” Евр.13:7