Дарагія суайчыннікі, удзельнікі Шостага з’езда беларусаў свету! Сардэчна вітаю вас і заклікаю Божае благаславенне на вашу працу.
Вы сабраліся сёння ў сталіцы роднай Беларусі, прыехаўшы з родных куткоў свету, бо вам неабыякавы лёс Бацькаўшчыны, лёс беларускага народа. Дзякую вам, што не забываеце дарогі дадому, да родных мясцін, да роднай хаты. Дзякую, што, жывучы далёка ад Беларусі, вы памятаеце пра Беларусь і дбаеце пра яе. Дзякую за ваш клопат пра Беларусь, пра захаванне беларускай мовы і ўсёй нацыянальнай культуры беларускага народа. Усе вашы добрыя памкненні і пачынанні, як гэта было і раней, наша Царква будзе шчыра вітаць і падтрымліваць.
У нас ёсць вельмі карысны вопыт пленнага супрацоўніцтва, які быў назапашаны ў агульнай справе аднаўлення старажытнай нацыянальнай святыні беларускага народа ― Крыжа прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Гэта была нялёгкая, складаная праца, але з Божай дапамогай, сумесна, мы здолелі яе зрабіць. Страчаная ў трагічныя часы святыня не была, на жаль, знойдзена, але была адноўлена! У нас з’явілася не тая самая, але такая самая святыня. Няхай будзе яна знакам і духоўным сімвалам нашага нацыянальнага адраджэння.
Для ўсіх нас вельмі важна ва ўсіх выпадках пільна ўглядацца ў нашу гісторыю, каб не страціць нацыянальнай памяці. Прыгадаем словы Божыя, запісаныя прарокам Іераміям:Так кажа Гасподзь: спыніцеся на шляхах вашых і паглядзіце, і распытайце пра даўнія сцяжыны, пра тое, дзе добрая дарога, і ідзіце ёю, і знойдзеце спакой душам вашым(Іер. 6: 16).
З удзячнасцю Богу хачу засведчыць, што народ беларускі ў апошнія дзесяцігоддзі паступова вяртаецца з цемры бязбожнасці на “добрую дарогу”. Пачаткам гэтага звароту стала святкаванне ў 1988 годзе тысячагадовага юбілею Хрышчэння Русі. У гэтым годзе мы адзначаем 1025-ю гадавіну гэтай вялікай падзеі і з радасцю падводзім вынікі: калі ў год Тысячагоддзя ў Беларусі было ўсяго 369 праваслаўных храмаў, то цяпер іх больш як паўтары тысячы; калі на ўсю Беларусь дзейнічаў тады толькі адзін Жыровіцкі манастыр, то цяпер мы маем 34 святыя абіцелі, у якіх нясуць свой манаскі подзвіг нашы браты і сёстры.
У гэтым годзе беларусы разам з іншымі славянскімі народамі ўспамінаюць яшчэ адну лёсавызначальную падзею: 1150 год таму пачалася славянская місія святых роўнаапостальных Кірыла і Мефодзія. Праслаўляючы асветніцкі подзвіг святых салунскіх братоў, мы працягваем сёння іх святую справу ў беларускім народзе праз развіццё багаслоўскай адукацыі і выдавецкую дзейнасць. Сёння ў Беларусі дзейнічаюць праваслаўная духоўная акадэмія, дзве духоўныя семінарыі, тры духоўных вучылішчы, а таксама Інстытут тэалогіі Белдзяржуніверсітэта. Хачу запэўніць вас, што дзверы гэтых навучальных устаноў Беларускай Праваслаўнай Царквы адчынены не толькі для грамадзян Беларусі, але і для нашых суайчыннікаў з блізкага і далёкага замежжа. Мы ведаем, што не толькі тут, у Беларусі, наш народ ў пераважнай большасці сваёй усведамляе сябе праваслаўным, але і ў замежжы асяродкамі духоўнага жыцця беларусаў з’яўляюцца менавіта праваслаўныя храмы. І мы гатовы дапамагаць ім у падрыхтоўцы адукаваных пастыраў і царкоўных работнікаў.
Шаноўныя сябры, дарагія суайчыннікі! Я цвёрда ўпэўнены, што ў эпоху глабалізацыі беларусам вельмі важна захаваць і ўзмацніць сваю нацыянальную самасвядомасць, сваю гістарычную памяць і самае галоўнае і дарагое ― святую праваслаўную веру, наш найдаражэйшы духоўны скарб.
Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі; прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая; свяціцель Георгій, архіепіскап Магілёўскі; праведная Сафія,княгіня Слуцкая; прападобнамучанік Афанасій, ігумен Берасцейскі і ўсе святыя зямлі Беларускай няхай будуць нашымі духоўнымі настаўнікамі і правадырамі.
Божае благаславенне і заступніцтва Прасвятой Багародзіцы няхай будзе з усімі намі. Амінь.
+ Філарэт,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
“Поминайте наставников ваших, которые проповедовали вам слово Божие, и, взирая на кончину их жизни, подражайте вере их” Евр.13:7